Сэрца на далонi, частка 3
Маша чакала, iмкнучыся здагадацца, навошта паклiкана. Ён сказаў, не адрываючыся ад кнiгi: - Яны пабiлiся за вас. - Хто? - Хоць яна адразу ж здагадалася хто, i ёй вельмi захацелася засмяяцца. "Няўжо праўда пабiлiся? - падумала з вясёлай гарэзлiвасцю. - Хто каго бiў?" - Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем"i нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбiлася сутыкнуць iх iлбамi? - Каб зрабiць правiльны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьмiч, адказала яна яго словамi i не вытрымала - засмяялася. Тады ён адарваўся ад кнiгi i паглядзеў на яе. Дзiўна вельмi паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусiм другi чалавек - не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любiў, цанiў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калi з"явiлася Зося. - Дзiўны эксперымент, - хмыкнуў ён, хiснуўшы галавой. - Можна вас папрасiць, каб вы з нашымi сынамi такiх эксперыментаў не рабiлi? Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлiвай, афiцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе - засмяялася, сказала несусветную лухту! Правалiцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбiўся ў кнiгу i не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсцi, i ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Вiдаць, ён зразумеў, што з ёю робiцца, бо сказаў: - Папрасiце, калi ласка, Дабравольскую зайсцi да мяне. Маша ветрам вылецела з кабiнета. ...Таму яна i спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калi яны збiраюцца пагутарыць з ёй? Супакоiў Шыковiч. Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветлiва, па-сяброўску: - Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную? - Умею. - Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка. Ён даў ёй грошы на каву i каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню. Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадынi. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесiйна, падрабязна, па-бальнiчнаму. I яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамi. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацiк, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, i высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабiла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну. Яраш скончыў распытваць пра здароўе i змоўк. У той дзень яму цяжка было весцi размову для размовы, гаварыць пра ўсё. Шыковiч палiў на кухнi, пускаючы дым у фортку, слухаў iх, зразумеў зацяглую паўзу. Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху iншымi словамi сказаў тое ж. - У вас стомлены выгляд, Антон Кузьмiч. - Я сёння прыляцеў з раёна. - Камандзiроўка? - Але. Шыковiч кiнуўся на дапамогу сябру. - Соф"я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? - спытаў ён з жартаўлiвай весялосцю, сядаючы ў зручнае нiзкае крэсла. - О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзi. Яны наведваюцца. А потым прыходзiць з работы Маша... Вось так пагаварылi яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кiрыла падступiў да галоўнага, асцярожна, далiкатна: - Соф"я Сцяпанаўна, скажыце, калi ласка, вас не вельмi расхвалюе размова пра мiнулае? Яна ўздрыгнула, насцярожылася: - Пра якое мiнулае? - Ну, напрыклад, пра вайну. Пра смерць бацькi... - А што вас цiкавiць? - Што мяне цiкавiць?.. - Ён палез ва ўнутраную кiшэню пiнжака i дастаў складзеныя лiсты паперы. - Прачытайце вось гэта, i вы зразумееце. Яраш зiрнуў на сябра з дакорам, але змаўчаў. Зося разгарнула сашчэпленыя лiсты, прачытала загаловак, устрапянулася, паглядзела на Шыковiча са здзiўленнем, страхам i надзеяй. Позiрк яе пытаў: "Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хiба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?.."