Сэрца на далонi, частка 3
- Не для майго маленькага розуму такiя высокiя матэрыi. Самакрытычнасць сына, якi раней быў даволi высокай думкi пра свой розум, спадабалася Валянцiне Андрэеўне. Яна лагодна сказала: - Але, усяго адразу не ахопiш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумлiва. ...Калi хлопцы спыталi, цi чытаў Праграму Славiк, ён прыгадаў словы мацi i тут жа перакруцiў iх, як кажуць, дагары нагамi - усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другiх. - А навошта? Прымусяць вывучаць - тады прачытаю. - А без прымусу ты не можаш? - зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з iм. Але Тарас умеў спрытна адвесцi размову ад Славiкавых часам залiшне гарэзлiвых, часам празмерна сур"ёзна-песiмiстычных i амаль заўсёды недарэчных заўваг i адказаў. Хлопцы гаварылi аб Праграме так, што ў Славiка зноў з"явiлася захапленне яе велiчнасцю, i ён слухаў моўчкi i сур"ёзна. Ды раптам выявiў, што Iван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славiк зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робiць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнiк. "Ах, вось ты якi маралiст, ханжа! - узрадаваўся Славiк "падзенню" свайго ворага. - Чакай жа, я зараз цябе злаўлю", - i ўжо пачаў успамiнаць тыя раздзелы, якiя прачытаў учора, каб на iх выкрыць Ходаса. Але перашкодзiў гудок. Праз якую паўгадзiну яны сутыкнулiся ля станiны. Страсцi накалялiся. Славiк гарэў помстай. У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што i Ходас. Але ад iх не адступаў Тарас. Брыгадзiр хiтра нейтралiзаваў усе прычэпкi i наскокi вучня. Ды i ад Iвана ўсе Славiкавы словы - што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбiваў чэкi i падносiў талеркi з супам, Iван густа намазваў хлеб гарчыцай i еў. Гарчыца, вiдаць, была пякучая, хлопец крывiўся, чмыхаў, з вачэй сыпалiся слёзы, але еў са смакам. Славiка давяла да шаленства такая Iванава абыякавасць да яго прычэпкi: - Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба. - А ён бясплатны. - Не бясплатны. А ўваходзiць у кошт страў. Пабудуеш з такiмi камунiзм! - Слава! Як не сорамна! - абурыўся Тарас. - Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах. - Гэта крык душы iндывiдуалiста, якi не можа дараваць, што нехта з"еў больш за яго, - спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнiк з суседняга столiка. А для Славiка яго словы - што аплявуха. Ён зразумеў, наколькi недарэчны папрок, якi ён кiнуў Iвану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну iнтэлiгента, якi рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасцi Славiк збянтэжыўся i змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылi пра другое. Кiнулi дзве рэплiкi - i далей, нiколi не перажоўваюць адно i тое ж. У размовах, як у працы, у жыццi, не спыняцца, iмклiва рухацца ўперад - такi дэвiз iх. Славiк сербануў гарачага супу i адставiў талерку. - Ты што? - заклапочана спытаў Тарас. Хлопец зморшчыўся. - Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш. Суп Славiку падабаўся, есцi хацелася, i яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылiвам жаласцi да сябе - злосць на ўсiх, нiбы яны вiнаваты, што з-за сваёй упартасцi ён застанецца галодны. А Ходас, накiдаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такiм смакам, што ажно варушылiся паружавелыя вушы i раздзьмулiся ноздры. "Чаўкае, як свiння", - падумаў Славiк, каб хоць як-небудзь прынiзiць свайго непрыяцеля. Да iх падышоў сакратар парткома завода Гарачкiн. З тонкiмi рысамi твару, белымi валасамi, сакратар здаваўся маладзей сваiх год. Але на заводзе ведалi, што ён дваццаць пяць год праслужыў у армii палiтработнiкам. Чалавек ён памяркоўны, далiкатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.