Сэрца на далонi, частка 3

Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восенi. Цешыла вока атава ў лашчынах, але i яе колер мала нагадваў колеры вясны: нiводнай краскi, адна цёмная, як зацвiлая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асiнка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлi мiма. Тарас пагладзiў асiнку рукой i засмяяўся - золатам сваiх лiсцяў яна нагадала яму Машу. Славiк зiрнуў на асiнку i, напэўна, усё зразумеў. "Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш". Ён выплюнуў недакурак цыгарэты i запалiў новую. Ён палiў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклiвасць i асаблiва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабалiся Тарасу, насцярожвалi яго. "Ну i характар! Не ведаеш, што ён выкiне праз хвiлiну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы". Яны наблiзiлiся да густога зараснiку высокай лазы. За гэтай лазой невялiкая старыца, на якой любяць начаваць качкi. Раптам Славiк спынiўся, павярнуўся да Тараса, якi iшоў крыху ззаду. Абразлiва плюнуў мiма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставiў прыкладам на пясок сцежкi. Вочы яго гнеўна блiснулi i тут жа пацямнелi. - Адзiн з нас сёння павiнен памерцi! - сказаў ён злосна i сур"ёзна. Тарас, хоць i адчуваў нешта нядобрае, усмiхнуўся, як бы зацiкаўлены гульнёй. - Умова: разыходзiмся i сыходзiмся ў лазняку. Хто ўбачыць першы... выпадковы стрэл... Няшчасны выпадак... Больш двух год не дадуць... Не бойся! Каб не блiскалi так вочы, не перасмыкалiся вусны i пальцы лiхаманкава не гралi па гранёных ствалах дубальтоўкi, то гэта можна было б палiчыць за чарговы Славiкаў жарт, няхай недарэчны, дзiцячы, але жарт. А так - Тарас узлаваўся. - Для такой гульнi ты папрасiў бы Вiцю. I не стрэльбы трэба вам - кii. А я перарос. Ды i табе час... - Ты - гад! - закрычаў Славiк, пырскаючы слiнай. - Ты... Ты... Ты падлюга! Я ненавiджу цябе! - Завошта? - Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёмiўся!.. Я першы!.. - Цiў, - свiснуў Тарас. - Чакай, ты пра каго гэта? - Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! - шалеў Славiк. Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славiкам. Не сказала толькi, што страчаецца па чарзе з iмi. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кiм раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такiя пытаннi? Скажы, калi ласка, якi сярэдневяковы рыцар! - Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоiў яе? Iдыёт! У яе свая галава на плячах. I не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кiм ёй страчацца. Пайшоў ты! - Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся i, паправiўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад. У душы Славiк узрадаваўся, што Тарас адмовiўся ад "каўбойскай дуэлi". Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовiцца, калi яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар"яцкая думка. Але калi iшлi па лузе, спалохаўся: а раптам згодзiцца? Страляе ён лепш i ростам вышэйшы. Адмовiўся, спалохаўся, уцякае - гэта, бадай, ужо яго, Славiкава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскiм сходзе цi дзе хоча як з яго можна пасмяяцца! А па якiх матывах ён выганiць яго з брыгады? Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кiпела. - Стой! Буду страляць! - Славiк ускiнуў стрэльбу i выпалiў угору. Тарас уздрыгнуў. Ён iшоў з незараджанай, а гэты тып, выходзiць, зарадзiў яшчэ дома. "Ад такога вар"ята ўсяго можна чакаць". Ён спынiўся, павярнуўся: - Страляй!